БЛІЖЭЙ ДА ЛЮДЗЕЙ

размещено в: Наши новости | 0

Нягледзячы  на  раніцу,  у  аддзяленні  паштовай  сувязі  аграгарадка  Нясята  людна,  а  гэта  самае  яркае  сведчанне  таго,  што  паслугі  пошты  ў  вяскоўцаў  запатрабаваныя.
Хтосьці  аплочвае    камунальныя  па-слугі,  інтэрнэт,  разлічваецца  за  электра-энергію;  хтосьці  цікавіцца  свежым  нумарам  газеты.  Паштальёны   з  поўнымі  сумкамі  свежай  прэсы  ўжо  адправіліся  да-стаўляць  яе  адрасатам,  і  да  абеду   ў  хатах  будзе  не  толькі  натуральная  ежа,  а  і  духоўная.
Тут  жа  знаёмлюся  з   9-гадовым  Арцёмам.  Хлопчык  гаваркі,  і  відаць,  што  весці  разлікі    яму  давяраюць  пастаянна. Ён  лоўка  апелюе  паняццямі,  ды  і  наяўнымі  500 000  рублёў  трымае  ў  руках  не  першы  раз.  Заўважае,  што  і  большыя  сумы  грошай  яму  давяраюць  бацькі.  Вось  вам  і  фінансавая  граматнасць  на  справе,  і  выкананне  абавязкаў,  бацькоўскіх  даручэнняў.  Хоць  па  гадах  яшчэ  малеча,  а  разважлівы  мужычок  падрастае  ў  сям’і.
Чакаю,  пакуль  начальнік  аддзялення  сувязі  Юлія  Анатольеўна  БАРКОЎСКАЯ    абслужыць  кліентаў,  каб  папрасіць  расказаць,  як  працуецца,  якія  выданні  выпісваюць  і  чытаюць  жыхары  Нясяты  і  Буднева.   Але  не  так  усё  проста,  людзі  ідуць   і  ідуць,  не  перачакаць  усіх.
– У  нашым  аддзяленні  працуе  3  чалавекі.  Софія  Міхайлаўна  Лаўрыновіч  абслугоўвае  аграгарадок,  а  Валянціна  Іванаўна  Кунцэвіч – вёскі  Буднеў  і  Таценка.  Яны  дастаўляюць  адрасатам  больш  за  50  найменняў  газет  і  часопісаў.  Не  пустуе,  як  вы  самі  бачыце,  і  наша  аддзяленне.
– Ці  карыстаюцца  вяскоўцы  інтэрнэтам?
— Так,  карыстаюцца,  у  многіх  жыхароў  аграгарадка  ёсць  камп’ютар.  Асабліва  ўзрастае  колькасць  карыстальнікаў  летам,  калі  ўнукі  наведваюцца  да  бабуль.  Мы  працуем  па  папярэдніх  заказах  і  таму  поўнасцю  забяспечваем  попыт  насельніцтва  на  няпрофільныя  паслугі.
– Як  бавіце  час  самі?  Чым  цікавіцеся?
– Вольнага  часу  не  так  і  шмат.  Праца,  гаспадарка. Цяпер  самы  сезон  нарыхтовак.  Малодшая  з  дзяцей  (а  іх  у  нас  трое)  вось  першакласніцай  стала,  так  што  клопату  хапае.

З  гісторыі пошты

У  даўнія  часы  пошты  ў  сучасным  яе  разуменні  не было  не  толькі  на  Беларусі,  але  і  ў  іншых  краінах.  Не  існавала  тады  і  спецыяльных  устаноў  для  правядзення  паштовых  аперацый  і  дастаўкі  пісьмаў,  пісьмовых  уведамленняў,  бандэролей,  пасылак,  грашовых  пераводаў.  Паштовая  сувязь  была  недасканалай  і  нерэгулярнай.
У  ХIV-XV  стагоддзях  вялікія  і  ўдзельныя  князі  Вялікага  Княства  Літоўскага (у яго склад  уваходзілі  тады  і  беларускія  землі)  трымалі  для  перасылкі  ўказаў,  данясенняў, пісьмовых  і вусных  паведамленняў  так  званых  ганцоў  (нарачных,  пасланцаў,  кур’ераў),  якія  дастаўлялі  іх  да  вызначанага  месца  на  конях  ці  пешшу.
З  развіццём  вытворчасці,  гандлю  і  культуры  ўзнікла  патрэба  ў  рэгулярнай і  больш  хуткай  паштовай  сувязі.  З  цягам  часу  пачалі  стварацца  спецыяльныя  паштовыя  ўстановы  для  дастаўкі  пошты  і  ажыццяўлення паштовых  аперацый.
Першыя  паштовыя  ўстановы  на  Беларусі  ўзніклі  ў  2-й  палове  XVI  стагоддзя,  калі  пачалося  будаўніцтва  паштовых  трактаў  і  дарог,  уздоўж  якіх  узводзіліся  паштовыя  конныя  станцыі.

Каментарый  у  тэму

Вольга  Мікалаеўна  МАНЬКО,
начальнік  раённага  аддзялення  паштовай  сувязі:
– Нашы  аддзяленні паштовай сувязі  маюць  усё  неабходнае,  каб  своечасова  і  якасна аказваць насельніцтву больш за 40 паслуг, палова з якіх –  няпрофільныя.  Напрыклад, цяпер,  скарыстаўшыся  паслугай  “Лінейка  “Камфорт”, кліент  можа  даведацца  аб перамяшчэнні сваёй паштоўкі,  пісьма ці пасылкі з  дапамогай SMS. Адпраўніку дастаткова пазначыць на канверце нумар мабільнага тэлефона і заплаціць за паслугу. Не  прыйдзецца  ісці  на  пошту  за  атрыманнем  пераводу  ці  пасылкі,  калі  пры  адпраўцы  аплаціць  дастаўку.  Каб  ваша  пісьмо  прыйшло  хутка,  раю  скарыстацца  паслугай  “Адпраўка  пісьма  першым  класам”.
Няпрофільныя  паслугі  таксама  карыстаюцца  вялікім  попытам  у  вяскоўцаў,  і  гэта  добра,  але  ўсё ж  галоўным  паказчыкам  у  нашай  справе  з’яўляецца  забеспячэнне  патрэб  насельніцтва  перыядычнымі  выданнямі.  На  вялікі  жаль, моладзь  не  прывыкла  выпісваць  і  чытаць  газеты  і  часопісы,  а  калі  і  выпісвае,  то  ў  асноўным  забаўляльнага  характару.  Таму  асноўная  катэгорыя  нашых  кліентаў – гэта  людзі  сярэдняга  і  старэйшага  ўзросту,  якія  з  маладосці  прывыклі  трымаць  у  руках  любімую  газету  ці  часопіс.

Анатоль  Барысавіч  ГЕРТМАН,
старшыня  Нясяцкага  сельвыканкама:
– Мы  сочым  за  тым,  каб  усім  жыхарам аддаленых вёсак  былі  даступныя інфармацыйныя  і  паштовыя па-слугі.
На  жаль,  у  апошні  час  жыхары  сельсавета  сталі  менш  выпісваць  газет  і  часопісаў.  За  гэтым стаяць  не  толькі  фінансава-эканамічныя  прычыны.  Тут  вельмі  важная  роля  належыць паштальёнам,  іх  уменню  наладзіць  асабісты  кантакт  з  людзьмі.  Дапамагаюць  у  справе  веданне  запытаў  і  густаў  людзей,  уменне  своечасова  нагадаць  пра  тое,  што  трэба  прадоўжыць  падпіску.  Як  ні  круці,  а  паштальён – галоўная  фігура  ў  гэтым  працэсе.  Вядома,  не  трэба  скідваць  з  рахункаў  і  ролю  кіраўнікоў  арганізацый ці  гаспадарак,  якія  павінны  быць  зацікаўлены,  каб  работнікі  калектыву былі  забяспечаны  неабходнай  перыёдыкай.
А  сельвыканкам  бачыць  сваю  ролю  не  толькі  ў  тым,  каб  трымаць  гэтае  пытанне  на кантролі.  Мы  маем  намер  весці  канкрэтную  работу, запрашаць  на  сустрэчы  з  насельніцтвам  і  бацькоўскія  сходы прадстаўнікоў  пошты,  работнікаў  раённай  газеты,  сачыць  за  тым,  каб  паштовае абслугоўванне  ў сельсавеце  мела  высокую  якасць.

Вольга    Іванаўна,  мясцовая  жыхарка
– Абавязкова  выпісваю  і  чытаю  газеты.  Не  ўяўляю,  як  можна  жыць  і  не  ведаць,  што  адбываецца  ў  свеце,  у  раёне.  Цяпер,  канечне,  не  так  шмат  газет выпісваю,  як  раней.  Раней,  акрамя  “раёнкі”,  выпісвала  яшчэ  5-6  газет  ды  часопісаў  стос.  Цяпер  толькі  тры  газеты  магу  сабе  дазволіць  і  часопіс  “Гаспадыня”.

Аліна  СУДНІК.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)