А дарога шэраю стужкай уецца…

размещено в: Наши новости | 0

У  чалавека  за  жыццё  бываюць  розныя  дарогі –  лёгкія,  як  песня,  або  складаныя,  заблытаныя,  што клубок.  Выпраўляем  роднага  чалавека  з  дому – зычым  шчаслівага  шляху: “Гладкай  дарогі!”.  Гэта  эпітэт,  а  з  практычнага  боку  жыцця    роўнасць  дарогі – без  ям,  ухаб.
У  апошні  час   усё  ўзрастаючыя  хуткасць   руху  і  інтэнсіўнасць  транспартных  патокаў   на  дарогах  павялічваюць  патрабаванні  да  іх  роўнасці.   Якасць  іх  і  забяспечваюць  работнікі  дарожнай  службы,  у  нашым  раёне   на  дарогах  мясцовага  значэння – калектыў  філіала   КУП  “Магілёўаблдарбуд”  ДРБУ  №  126.
У  складзе  брыгады  па  ўкладцы  асфальту  працуе і  Аляксандр  Уладзіміравіч  Нарадоўскі.  Быў  дарожным  рабочым,   апошнія  пяць  гадоў  ён   машыніст  самаходнага  катка.  Гэта  тэхніка  прызначана  для  ўкладкі  асфальтабетоннага  па-крыцця,  служыць  для  яго  ўшчыльнення  да  неабходнага  ўзроўню  пругкасці,  трываласці,  воданепранікальнасці  і  роўнасці.  Дарэчы,  вага  гэтага  катка – 7  тон.  За  2-4  праходы  па  адным  следзе  машыніст і павінен  забяспечыць  усе  неабходныя  параметры  на  выхадзе  ўкладкі  асфальтабетону.  Пры  гэтым   час   работы  абмежаваны:  перапынак   паміж  устройваннем  ніжняга  слою  з  бетонных  сумесяў  і  ўшчыльненнем –  не  больш  30  хвілін!  І  яшчэ:  калі  дапусціць  на  асфальтабетоннае  пакрыццё  лішні  ціск,  ушчыльненне  стане  працэсам  разбурэння!  Вось  тут  і  выручаюць  прафесіяналізм  і  інтуіцыя,  якія  і  ўласцівы  Аляксандру  Уладзіміравічу.  Начальнік  ДРБУ  №  126  Аляксандр  Аляксандравіч  Сэка  характарызуе  яго  толькі  са  станоўчага  боку:  “На  такіх людзей   можна  разлічваць  у  любой  сітуацыі”.
На  ўзбраенні  дарожнікаў  прыказка:  “Рыхтуй  летам  сані,  а  зімой – калёсы”.  Ужо  даўно  рыхтуюцца  яны  да  работы  ў  складаных  асенне-зімовых  умовах.  Назапашваюць  неабходныя  аб’ёмы  пясчана-салянай  сумесі,  рыхтуюць  тэхніку.  Вось  і  Аляксандр  Уладзіміравіч  у  гэтыя  дні  рамантуе  КАМАЗ,  на  якім  яму    прапанавалі  зімой  падсыпаць  дарогі.  І  ён  пагадзіўся,  бо  працы  не  баіцца, з  асабістым  часам  не  лічыцца,   трэба  – значыць  зробіць.  Адказнасць, сабранасць  яму  ўласцівы,  нездарма  ж  служыў  у  арміі  ў  спецроце  ваенна-паветраных  сіл. У  сям’і  Аляксандр  Уладзіміравіч –  муж,   бацька  двух  дзяцей.  Любіць  спорт,  больш  хакей,  валейбол,  у  спаборніцтвах  выступае  за  калектыў  прадпрыемства.  Занятак  для  душы  з  дзяцінства –  рыбалка,  ды  і  як  інакш,  ён  жа  родам  з  Вострава,  а  там  і  Струга,  і Бярэзіна.  Прызнаецца,  што  самы  вялікі  яго   ўлоў – 7-кілаграмовы  шчупак!
Кожны  раз,  калі  знаёмлюся  з  новымі  людзьмі,  пагаджаюся  з  Кузьмом  Чорным,  які  зазначыў:  “Кожны  чалавек – гэта  цэлы  свет”.

Ніна  Ізох.
Фота  аўтара.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)